Читати книгу - "Дэпэш Мод"
Шрифт:
Інтервал:
Добавити в закладку:
14.40
Цыганы жывуць на іншым краі горада, за іншай рэчкай, у іх там цэлае паселішча, харкаўскія цыганы па-свойму ўвасобілі спрадвечную цыганскую мару пра сьвяшчэнны цыганскі мегаполіс, яны ня сталі асабліва задрочвацца і там, ня ведаю – ваяваць за незалежнасьць, адбіваць тэрыторыі, папраўляць межы, проста пасяліліся масава, але разам з тым кампактна, па-над рэчкай, акапаліся як маглі і фактычна растварыліся ў варожай усходняй сталіцы, такі прымроены Горад Сонца ў іх атрымаўся, горад у горадзе можна сказаць, празь іхні раён праходзілі цывільныя трамвайныя маршруты і нават побач цягнулася ветка мэтро, але насамрэч, акрамя цыганоў у гэтым раёне амаль ніхто ня жыў, таму калі ты сюды трапляў (хаця чаго б ты сюды трапляў) і ня ведаў, дзе ты знаходзішся, ты бы мог толькі зьдзіўляцца такой колькасьці цыганоў на вуліцах, то бок ня тое, каб іх на вуліцах сапраўды было шмат, проста там акрамя іх на вуліцах няма нікога, таму ты адразу заўважаў, што нешта тут ня тое, але ня мог зразумець – што менавіта. Цыганы жылі дружна, у горадзе акапаліся надоўга – будавалі моцныя, невысокія будынкі зь белай цэглы і з гэтай самай цэглы выкладвалі навокал будынкаў парканы, падобна было да цаглянага складу, цяжка было нават здагадацца што там робіцца – за гэтымі белымі цаглянымі гарамі, рэкламы ў раёне таксама амаль не было, нейкі такі сярэднявечны раён, я мяркую, што парканы такія высокія былі, каб чума не прасачылася празь іх на іхныя падворкі, я наагул іх не разумеў ніколі, гэтых цыганоў, а вось у Чапая тут быў знаёмы дылер, на глухой бакавой вуліцы, трэба было спачатку павярнуць направа і ўжо там спыніцца. Кіроўца высаджвае нас, доўга круціць у руках расійскія грошы, пералічвае па курсе, колькі мы яму вінныя, загінае пры гэтым пальцы правай рукі, я, напрыклад, так лічыць ня ўмею, потым кажа добра, хопіць, мы выходзім, а ён хутка ўцякае.
15.10
І вось мы стаім пасярод узгоркаў белай цэглы, дрэваў амаль няма, сырая зямля пад нагамі, з-пад парканаў выбіваецца едкая трава, наверсе за хмаркамі час ад часу зьяўляецца сонца, і ніводнага табе цыгана навокал. Трэба ж так, думаю, жывуць сабе людзі – без антэнаў, без перадатчыкаў, без савецкай улады, нават без нумароў на будынках, цікава, як Чапай знойдзе свайго дылера. Але Чапай добра арыентуецца ў такіх умовах, ён папраўляе акуляры, нешта там сабе вынюхвае і нарэшце кажа – гэта тут, знайшоў. Мы падыходзім да іржавай брамы, і Чапай пачынае грукаць кулакамі па іржавай набухлай паверхні, па дарозе апавядаючы, што дылер ягоны – Юрык – па-свойму прыкольны мужык, ён недзе тут нарадзіўся, праўда, быў няўдалым цыганом, пасьля школы пайшоў рабіць кар’еру па партыйнай лініі, і цыганы яго праклялі, натаўклі грызла і выгналі з раёну, хоць ён і сам бы адтуль зваліў, паколькі яму далі добрую кватэру ў цэнтры, ён працаваў у Кіеўскім, здаецца, райкаме. Для цыгана ён рабіў неблагія посьпехі, і яго ўжо зьбіраліся перацягнуць у абкам, але тут гены ў ім узялі верх, і ён – кажа Чапай – ці то нешта скраў, ці то кагосьці трахнуў, карацей, аблажаўся, з райкаму яго папёрлі, але ў партыі пакінулі, ня так ужо і шмат цыганоў у партыі было, направілі па той жа партыйнай лініі на чапаеўскі завод загклюбам, ён там граў на баяне і вёў шахматную сэкцыю. Калі завод пачаў развальвацца, Юрык трымаў клюб да апошняга, ён жа бязбожна бухаў, зранку прыходзіў у клюб, браў баян і граў нешта з Кабзона, дадаючы да кожнай мэлёдыі нешта сваё, цыганскае. Па словах Чапая, Юрык дэградаваў маральна і фізычна, сцаўся ў штаны проста на сцэне клюбу, спаў ва ўласных рыгаках, заматаўшыся ў нейкія агітацыйныя транспаранты, так трывала ажно пакуль дырэктар заводу не забраў у яго баян і не прадаў яго на рынку, пералічыўшы атрыманую, даволі мізэрную, паводле Чапая, суму ў залік зьнешняга завадскога доўгу. Юрык зашыўся, кватэру ў яго яшчэ перад гэтым забраў нейкі акцыянэрны банк, аддаўшы яму ў якасьці кампэнсацыі левыя акцыі, Юрык спрабаваў іх недзе сплавіць, але іх, вядома ж, ніхто ня браў, адным словам, жыцьцё зрабіла поўнае кола, і Юрыку не заставалася нічога іншага, як вяртацца ў свой сярэднявечны раён, зь яго белай цэглай і суворай іерархіяй. На дзіва, Юрыка прынялі як роднага, цыганы народ камунікабельны, яшчэ раз далі яму ў лыч і прабачылі ўсё, заадно забралі ягоныя левыя акцыі і недзе іх усё ж прадалі, уцюхалі нейкім лохам-фэрмэрам, хоць зь Юрыкам грашыма не падзяліліся, ну гэта ўжо іхныя справы, яны лепш ведаюць. Юрык спакойна зажыў у адным з цагляных будынкаў за белым цагляным плотам, у цэнтр больш не імкнуўся, нават хацеў ажаніцца, але не знайшоў нявесты – пэўна, іхныя сярэднявечныя законы забаранялі ім выходзіць замуж за камуністаў, добра, што яго наагул на вогнішчы не спалілі, ён патроху падключыўся да жыцьця грамады, спачатку гандляваў жуйкамі ў кіёску, потым пайшоў угору і пачаў гандляваць вадзярай у краме, потым – па нарастальнай – перайшоў на траву, і проста ўжо сядзеў дома, каму трэба – прадаваў лекавае зельле, каму ня трэба – таго пасылаў на хуй і страляў зь бярданкі з-за цаглянага плота, падняўшы мост і затапіўшы ірвы вадой, Чапая ён памятаў яшчэ з часоў работы ў клюбе, Чапай быў пастаянным кліентам, хоць ён нам чагосьці яўна не дагаворваў, прынамсі мне так здалося, вось.
15.15
Празь нейкіх пяць хвілін брама рыпіць, і зьяўляецца галава дылера. Юрык не падобны да цыгана, ва ўсялякім выпадку я сабе цыганоў звычайна іншымі ўяўляў, я, канешне, не чакаў, што выйдзе чувак у чырвонай кашулі ў буйны гарох з фанэрнай гітарай у руках, ну, але нешта ж нам у школе пра цыганоў апавядалі, ці як, а тут выходзіць нейкі худы альбінос у шэрым паношаным касьцюме і зь бяльмом на левым воку, недаверліва нас разглядае, яны з Чапаем пачынаюць пра нешта шаптацца, прыглядацца, ледзь не абнюхваць адзін аднаго, нарэшце дылер махае нам рукой, і мы ідзем за ім. Мне цікава, што можа быць за байніцамі – гарматы, алебарды, прылады катаваньняў, але ўсё спакойна, на падворку стаіць невялічкі хлеўчык зь белай цэглы, каля ганку сабачая будка, таксама зь белай цэглы, у будцы ляжаць куры,
Увага!
Сайт зберігає кукі вашого браузера. Ви зможете в будь-який момент зробити закладку та продовжити читання книги «Дэпэш Мод», після закриття браузера.